|
||||||||||||
|
Фотавыстава "Радавод":
ЗАКАХАНЫЯ ЖЫХАРЫ СЯРЭДНЯВЕЧНАГА ГОМЕЛЯ, ХІІ ст. У ХІІ ст. Гомель (Гомій) быў цэнтрам удзельнага княства ў складзе Чарнігаўскага княства. Гомель быў вялікім ўмацаваным фарпостам – гомельскі замак займаў тэрыторыю больш за 2 гектары, што па тых часах было досыць вялікім збудаваннем. Унікальнасць сярэднявечнай культуры гэтага горада пацвярджаецца знаходкамі археолагаў – у Гомелі знойдзена і даследавана адзіная ва ўсёй Усходняй Еўропе збройная майстэрня па вырабу кальчуг. На дадзеным здымку рэканструявана вопратка княскага асяроддзя Гомеля.
АЛЬДОНА – ДАЧКА ВЯЛІКАГА КНЯЗЯ ГЕДЫМІНА, XІV ст. У 1325 г. Альдона, дачка вялікага князя літоўскага Гедыміна, выйшла замуж за каралевіча польскага Казіміра, які ў 1333 г. стаў каралём. Шлюб замацаваў саюз ВКЛ і Польшчы, скіраваны супраць Тэўтонскага ордэна. Гэта быў першы дынастычны шлюб між ВКЛ і Польшчай, які садзейнічаў збліжэнню паміж дзяржавамі. Паводле храніста М.Стрыйкоўскага, пры заключэнні шлюбу з Літвы былі адпушчаны на радзіму 24 тыс. палонных палякаў. Польскі гісторык XV ст. Я.Длугаш так характарызаваў Альдону: “жанчына пачцівая, шчодрая і дабрачынная, але аддавалася забавам, танцам і мірскім уцехам”.
ВЯЛІКІ КНЯЗЬ ЛІТОЎСКІ АЛЬГЕРД, XІV ст. Князь Альгерд (1296-1377) – сын вялікага князя Гедыміна, адзін з самых славутых князёў ВКЛ, паспяхова змагаўся з тэўтонамі на поўначы, маскавітамі на ўсходзе і татарамі на поўдні. Перамог крыжакаў у сямі бітвах, дапамагаў Пскову абараняцца ад лівонскіх рыцараў. Вёў барацьбу з Залатой Ардой. У 1362 г. у бітве каля Сініх Вод разбіў войскі трох ханаў. У выніку гэтай перамогі Альгерд вызваліў значную частку Украіны ад татарскай няволі. За час свайго княжання павялічыў тэрыторыю ВКЛ больш чым у два разы, а беларускія землі занялі цэнтральнае месца ў дзяржаве, што забяспечыла ім эканамічны рост, развіццё культуры і ўмацаванне беларускай мовы ў ВКЛ як афіцыйнай.
ПАРТРЭТ КНЯЗЯ АЛЬГЕРДА, XІV ст. Адзін з маскоўскіх летапісцаў пакінуў такую характарыстыку князя Альгерда: “Ён не піў ні віна, ні піва, меў вялікі розум і падпарадкаваў шмат земляў. Свае паходы рыхтаваў спрытна, ваяваў не колькасцю, а здольнасцю”. Нямецкі рыцар, які прыязджаў у Вільню, пакінуў такія ўспаміны пра Альгерда: “У князя велічны пагляд, вочы блакітныя, валасы светларусыя, рост вышэйшы за сярэдні, размаўляе гучным голасам”.
СЫН АЛЬГЕРДА – КНЯЗЬ АНДРЭЙ ПОЛАЦКІ, XІV ст. Князь Андрэй Альгердавіч (?-1399 г.) – князь полацкі і пскоўскі, сын вялікага князя літоўскага Альгерда. З 1342 г. прыняты на княжэнне ў Пскове, з 1348 г. стаў полацкім князем, валодаў таксама і Віцебскам, адкуль родам была ягоная маці – першая жонка князя Альгерда. Дапамагаў бацьку ў знешнепалітычнай дзейнасці, значна пашырыў межы Полыцкага княства. Вёў актыўнае вайсковае жыццё. У якасці полацкага князя хадзіў паходамі на Пскоў, Ржэў, Хорвач, Родню, Пераяслаў-Залескі, Кашын. Удзельнічаў у Кулікоўскай бітве 1380 г. на баку рускага войска. Загінуў у 1399 г. у бітве з татарамі на Ворксле.
НЕПЕРАМОЖНЫ РЫЦАР ДАВЫД ГАРАДЗЕНСКІ, XІV ст. Давыд Гарадзенскі (1283-1326) – палкаводзец, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, гарадзенскі стараста. Вайсковую кар’еру пачаў на службе ў вялікага князя Гедыміна. Разам з князем Гедымінам атрымаў першую сваю вялікую перамогу – у 1305 г. разбіў каля Гародні войскі каменданта Бранденбурга комтура Конрада Ліхтэнхагена. Давыд перамагаў тэўтонскіх і лівонскіх рыцараў ў васьмі бітвах. У 1326 г. на чале атрада ў 1200 коннікаў арганізаваў карніцкі рэйд на Брандэнбург і Франкфурт-на-Одэры. Спалоханыя перамогамі Давыда Гарадзенскага нямецкія рыцары падкупілі польскага рыцара Андрэя Госта, які па-здрадніцку забіў у спіну Давыда ў ягоным шатры. Давыд Гарадзенскі быў пахаваны каля сцен Барысаглебскага кляштара ў Гародні.
ДАВЫД ГАРАДЗЕНСКІ З СЫНАМ, XІV ст. Давыд Гарадзенскі – сын нальшчанскага князя Даўмонта і княжны Марыі Дзмітрыеўны, унучкі Аляксандра Неўскага. Вайсковую кар’еру пачаў на службе ў вялікага князя Гедыміна. Быў кашталянам Гарадзенскага замка. Праз некаторы час ажаніўся з дачкою Гедыміна княгіняй Бірутай. Шлюбным падарункам было права на карыстанне асобным удзельным княствам.
КНЯЗЬ ВІТАЎТ ВЯЛІКІ, XV ст. Князь Вітаўт (1350-1430) – самая славутая гістарычная постаць беларускай гісторыі, герой ўсіх беларускіх летапісаў і старабеларускай літаратуры. Пры Вітаўце Княства Літоўскае ўмацавала цэнтральную ўладу, значна пашырыла тэрыторыю і пачало чаканіць сваю ўласную манету. Адным з найвялікшых поспехаў князя Вітаўта была прерамога ў Грунвальдскай бітве, якая была адказам ВКЛ і Польшчы на агрэсію Тэўтонскага ордэна. Пасля Грунвальдскай перамогі і хуткага росту тэрыторыі краіны значна ўзмацніўся міжнародны аўтарытэт Вялікага княства, што падштурхнула да ідэі пераўтварэння Княства Літоўскага ў каралеўства. Але карона, якую везлі да Вітаўта ад Папы Рымскага, была скрадзеная польскімі рыцарамі, каб не дапусціць ўзвышэння статуса Літвы.
КНЯГІНЯ СОФ’Я ГАЛЬШАНСКАЯ, XV ст. У канцы XІV ст. князь Ягайла праз шлюб з каралевай польскай Ядзвігай стаў каралём Каралеўства Польскага. Ягайла, дзяцінства якога прайшло на Віцебшчыне (бацька Ягайлы, князь літоўскі Альгерд 25 гадоў быў Віцебскім князем), пры пераездзе ў Кракаў прывёз з Беларусі цэлы двор, у тым ліку беларускіх прыдворных музыкаў. Паводле згадвання сучаснікаў, у канцы XІV ст. у польскім каралеўскім двары стала гучала старабеларуская мова. Пасля няўдалых спробаў нарадзіць нашчадкаў ад каралевы Ядзвігі, Ягайла ажаніўся на княгіні Соф’і са старажытнага беларускага роду князёў Гальшанскіх і прывёз яе ў Кракаў. У выніку польская каралеўская дынастыя была запачаткавана этнічнымі беларусамі-літвінамі – князем Ягайлам і княгіняй Соф’яй.
ФРАНЦЫСК СКАРЫНА З ЖОНКАЙ МАРГАРЫТАЙ, XVІ ст. Францыск Скарына (1490-1551) – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, асветнік, гуманіст, грамадскі дзеяч. У 1517 г. выдаў у Празе 20 кніг. Каля 1520 г. вярнуўся на Радзіму і пачаў кнігадрукаванне ў Вільні. Тут ажаніўся з Маргарытай і жыў з ёй на Нямецкай вуліцы недалёка ад палаца князёў Слуцкіх. Пажар у Вільні ў 1530 г., неспрыяльныя абставіны працы, а таксама смерць любай жонкі вымусілі Ф. Скарыну канчаткова міграваць у Чэхію, дзе і прайшлі апошнія гады ягонага жыцця.
НАВЕДВАЛЬНІК ГАРАДСКОЙ КАРЧМЫ, XVІ ст. Карчма – гатэльна-пітная ўстанова. Корчмы былі дзвух тыпаў – заезныя кшталту гатэля і шынковыя кшталту кавярні. У гарадах корчмы ставілі на рынкавых плошчах. Вялікія гарадскія корчмы называліся аўстэрыямі. Гарадскія корчмы наведвалі рамеснікі, гандляры, вайскоўцы, чыноўнікі, інтэлігенцыя і нават духоўныя асобы. У карчме праводзіліся сходы, судовыя пасяджэнні, заключаліся гандлёвыя здзелкі. Традыцыйныя напоі беларускіх корчмаў – піва, мёд, квас і 25-30-градусная гарэлка. Традыцыйныя стравы – бабы, капуста, каша і селядзец.
НАВЕДВАЛЬНІК КАРЧМЫ З СЯБРОЎКАЙ, XVІ ст. Карчма выконвала інфармацыйную і культурную функцыі. Сюды збіраліся на адпачынак, дзеля забаваў і танцаў. У карчме гучалі навіны, плёткі і чуткі. Захаваліся назвы беларускіх корчмаў: “Парыж”, “Выгода”, “Апошні Грош”, “Зладзейка”, “Вясёлая”, “Пачакай”, “Пагулянка”, “Уцеха”, “Пекла” і інш.
БАРБАРА РАДЗІВІЛ – ЧОРНАЯ ПАННА НЯСВІЖСКАГА ЗАМКА, XVІ ст. Барбара Радзівіл (1520-1551) – каралева польская і вялікая княгіня літоўская, 2-я жонка караля Жыгімонта ІІ Аўгуста. Каханне Барбары і Жыгімонта пачалося ў 1543 г., а ў 1547 г. адбылося іх патаемнае вянчанне. У 1550 г. Барбару каранавалі ў Кракаве. Але супраць гэтага шлюба была маці Жыгімонта каралева Бона Сфорца, таму менавіта яе абвінавачваюць у атручэнні і раптоўнай смерці Барбары Радзівіл ў 1551 г. Барбара была пахавана ў Вільні ў Кафедральным касцёле. Але кароль Жыгімонт цяжка перажываў смерць каханай і праз паслугі варажбіта выклікаў дух Барбары, але парушыў правілы зносінаў з душамі і Барбара не здолела мірна спачыць. З таго часу больш за чатыры стагоддзі неўтаймаваная здань Барбары Радзівіл, прозванная “Чорнай паннай”, ходзіць па Нясвіжскаму замку, чаму прысвечана ўжо шмат сведчанняў і ўспамінаў.
КАНЦЛЕР ВКЛ ЛЕЎ САПЕГА, XVІ ст. Леў Сапега (1557-1633) – вядомы дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Атрымаў добрую адукацыю, скончыў Лейпцыгскі ўніверсітэт, ведаў шмат замежных моў. Служыў ў гусарскай конніцы ВКЛ, як кіраўнік гусарскай харугвы браў удзел у Лівонскай вайне. На чале дывізіі ўдзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600-29 гг. Ягоная палітычная кар’ера прайшла такія этапы як Пісар вялікі ВКЛ, Падканцлер, Канцлер, Ваявода віленскі, Гетман вялікі. Як канцлер быў кіраўніком знешняй і ўнутранай палітыкі ВКЛ. Быў адным са стваральнікаў Трыбунала ВКЛ. Падрыхтаваў і за свае грошы надрукаваў самы вядомы юрыдычны дакумент ВКЛ – Трэці Статут ВКЛ 1588 г., у якім няўмольна адстойваў 12 артыкул 3-га раздзела, паводле якога польскай шляхце забаранялася набываць маёнткі і атрымліваць пасады ў Вялікім княстве. Быў адным з найбагацейшых магнатаў Княства. Няўхільна прытрымліваўся ідэі суверэнінтэту ВКЛ ад Польшчы.
ПАДЧАШЫ ВЯЛІКІ ЛІТОЎСКІ, XVІ ст. Падчашы ці Чашнік – ганаровая пасада ў ВКЛ у XV-XVІ стст. Ён мусіў падаваць Вялікаму князю напоі, папярэдне пакаштаваўшы іх сам. Пасада лічылася вельмі ганаровай, таму яе займалі толькі прадстаўнікі магнацкіх родаў. Першы вядомы Падчашы ВКЛ па імені Алехна згадваецца ўжо ў 1410 г. Пасада Падчашага ўваходзіла ў важнае кола сістэмы бяспекі двара і службы аховы Вялікага князя, бо Сярэднявечча ведала шмат выпадкаў палітычных інтрыг, у выніку якіх кіраўнікі дзяржавы былі атручаны напоямі на піры. З іншага боку Падчашы мусіў быць вясёлым і дасціпным, каб застолле і працэс спажывання алкагольных напояў ператвараўся ў свята.
МІКАЛАЙ РАДЗІВІЛ ЧОРНЫ – НЕКАРАНАВАНЫ КАРОЛЬ ЛІТВЫ, XVІ ст. Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565) – дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Выхоўваўся пры каралеўскім двары, ведаў беларускую, польскую і лацінскую мовы. Удзельнічаў у войнах. Узначальваў аграрную, судовую і павятовую рэформы ў ВКЛ, што значна зкансалідавала дзяржаву і літоўскую шляхту. Займаў пасады канцлера ВКЛ і Ваяводы віленскага. У выніку вайскова-палітычнай кар’еры атрымаў пасаду Вялікага маршалка земскага, узначаліў Раду ВКЛ і з гэтага часу дзейсна ўплываў на палітыку дзяржавы. У 1547 г. атрымаў тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі. Быў рашучым праціўнікам аб’яднання з Польшчай, таму пакуль ён быў жывы дзяржаўная ўнія з Польшчай не была заключана. З 1550 г. адкрыта абвясціў пра пратэстанскае веравызнанне, адкрыў друкарні, спрыяў развіццю адукацыі, быў мецэнатам.
ДЗЯЎЧЫНА-ГАРАДЖАНКА СА ЗБАНКОМ МЁДУ, XVІ ст. Гараджане складалі важную праслоўку грамадства ВКЛ. Міжканфесійная інтэграцыя гараджан была звязана са свецкімі ўрачыстасцямі: прыбыццё Караля, іншаземных паслоў, сесіі павятовых соймаў, зборы шляхты і інш. Агульнагарадскія святы арганізоўваліся магістратамі, вялікакняжанкай уладай і магнатамі. У XVІ ст. рост беларускіх гарадоў спрыяў развіццю разнастайных прафесійных рамёстваў, у тым ліку гандлю такім прадуктам, як мёд.
СМУТАК І РАЗГУБЛЕНАСЦЬ Нягледзячы на ўсю дэмакратычнасць Статутаў ВКЛ, рэальныя нормы права і стэрэатыпы паводзінаў феадальнага грамадства жорстка рэгламентавалі магчымасць стварэння сям’і і ставілі непераадольныя перашкоды для хлопца і дзяўчына рознага сацыяльнага паходжання. Звычайна хлопец з бяднейшай сям’і сутыкаўся з забаронай мець стасункі са сваёй каханай. З іншага боку бацькі дзяўчыны часта самі падбіралі пару сваёй дачцы. У закаханага хлопца было некалькі выйсцяў, якія патрабавалі няпростых рашэнняў: ці збегчы з каханай на Украіну, ці паспрабаваць любым шляхам зарабіць грошы. Нездарма беларускія народныя казкі стракацяць прыкладамі таго, як закаханы хлопец згодны пайсці на змову з цёмнымі сіламі дзеля таго, каб атрымаць лёгкія грошы і мець магчымасць быць поруч з каханай.
УДЗЕЛЬНІК ГАРАДСКОГА РУШАННЯ, XVІ ст. Калі гораду пагражала пебяспека ад набегу крыжакаў ці татараў, звычайныя гараджане – рамеснікі і гандляры – браліся за зброю, каб дапамагчы гарадскому гарнізону абараніць горад. У гараджанаў, якія не былі прафесійнымі ваярамі, было толькі адно выйсце выратаваць свае сем’і і свой дом. Гарадское рушанне складалася з людзей, якія не валодалі вайсковымі здольнасцямі, але былі поўныя рашучасці змагацца за сябе і блізкіх. Беларуская гісторыя ведае шмат прыкладаў, як людзі з такім ганарлівым і высакародным позіркам праяўлялі вершаліны мужнасці і ў выніку перамагалі захопнікаў.
ЗБРОЙНІК ВЫРАБЛЯЕ НАПЛЕЧНЫЯ ЛАТЫ, XVІ ст. Адной з самых запатрабаваных прафесій Сярэднявечча была прафесія вырабніка вайсковага рыштурку і даспехаў. Гэтай прафесіі вучылі ў адмысловых збройных цэхах. Працэс навучання быў цяжкі фізічна і патрабаваў шмат трываласці і кемлівасці. Напрыканцы навучання малады майстра мусіў ажыццявіць вандроўку ў іншыя гарады, каб пазнаёміцца з сакрэтамі іншых збройнікаў, а пасля вяртання ў свой цэх мусіў вырабіць “шэдэўр” – выніковую працу, прадмет, які ілюстраваў бы ўсе здольнасці, набытыя ім за час навучання. І толькі калі “шэдэўр” прызнаваўся старэйшынамі цэха, малады рамеснік прымаўся ў цэх. ГУЛЬЦЫ Ў КАРТЫ Чалавеку Сярэднявечча быў уласцівы ўвесь спектр чалавечых эмоцый. Але асаблівасцямі людзей тых часоў была адкрытасць і дзіцячая непасрэднасць у праяве і паказе сваіх думак і пачуццяў. Час рухаўся павольней і жыццёвыя радасці мелі большую каштоўнасць. Адной з самых старых жыццёвых радасцяў спрадвеку былі захапляльныя “азартныя” гульні. ВАНДРОЎНЫ МУЗЫКА, XVІ-XVІІ стст. У XVІ-XVІІ стст. у Вялікае княства Літоўскае прыходзілі вандроўныя музыкі з Чэхіі, Польшчы і Гераманіі і выступалі на вуліцах беларускіх гарадоў. Яны прыносілі музычныя інструменты, якія былі ўласцівы іхным краінам. Так на Беларусь трапілі цымбалы і колавыя ліры. Нямецкімі і чэшскімі вандроўнымі акторамі на тэрыторыю Беларусі прыйшоў і нямецкі дудэльзак.
ДУДАР ВОЙСКА ВКЛ, XVІІ ст. У XVІ ст. у Вялікае княства літоўскае трапляе дуда (валынка) нямецкай канструкцыі – дудэльзак. Гэты інструмент пачаў выкарыстоўвацца ў войску ВКЛ для суправаджэння ўрачыстасцяў і парадаў, пра што сведчаць некалькі іканаграфічных крыніц. Паводле агульнаеўрапейскай традыцыі дудэльзак у вайсковых капэлах выкарыстоўваўся суместа з барабанамі, трубамі і шалмеямі. Аднак знаходкі некаторых грамадзянскіх выяў дудэльзака сведчыць, што гэты інструмент трапляў і ў гарадское асяроддзе Беларусі XVІ-XVІІІ стст. АМАТАР ХАТНЯГА МУЗЫКАВАННЯ НА ЛІРЫ КАРБОВАЙ, XVІІ ст. Упершыню ліра карбова (ці колавая ліра) згадваецца ў старабеларускай літаратуры ў пачатку XVІІ ст., хаця гісторыкі музыкі згодныя з тым, што яна прыйшла на Беларусь яшчэ ў XVІ ст. Колавая ліра – гэта струнны смычковы інструмент, дзе ролю смыка выконвае кола, якое трэцца аб струны, а з дапамогай клавіш выканаўца прыціскае струны і змяняе вышыню іх гучання. Спачатку гэты інструмент, як экзатычная забава, быў распаўсюджаны толькі ў асяроддзі гараджан, якія выкарыстоўвалі яго для аматарскага хатняга музыкавання.
СЛУЖКА ШЛЯХЕЦКАГА ДОМУ, XVІІ ст. Гаспадаркі шляхецкіх і магнацкіх дамоў часта былі вельмі вялікімі. Падтрыманне дому ў належным стане патрабавала вялікай колькасці служак. Часам гэта былі вольныя людзі з ліку гараджан ці збяднелай шляхты, але звычайна тут працавалі эканамічна залежныя ці прыгонныя сяляне. Як працаўнікі высакароднага дому яны мусілі ведаць і выконваць правілы этыкету і разумець тонкія межы сацыяльнай іерархіі.
ГУСЛЯР-ГАРАДЖАНІН СА СЛУЦКА, XVII ст. Музыкі ў гарадах XVII ст. былі распаўсюджанай і паважанай прафесіяй. Аб’яднанні музыкаў, блізкія да цэхаў, згадваюцца ў слуцкіх дакументах 1668 г. Адным з папулярных інструментаў у той час заставаліся гуслі, што адлюстравана ў старабеларускай літаратуры. Напрыклад, ананімны антыклерыкальны твор “Прамова Русіна аб нараджэнні Хрыста” (XVІІ-XVІІІ стст.) апісвае, як на гуслях граюць і анёлы на нябёсах, і людзі на зямлі: “Хрыстос раждаецца, небеса хвалу яго выспевуют, ангелы небесные на трубах і гуслях і всяком дзілі глаголят… одны на скрыпках і цымбалах, другіе на гуслях і ворганах, одны на трубах, другіе на фуярах і посвісцёлах грают…”
ДУДАР ПРЫДВОРНАЙ КАПЭЛЫ, XVІІ ст. Беларуская дуда (валынка) згадваецца ў старабеларускай літаратуры ўжо з XV ст. Ёсць звесткі пра прысутнасць гэтага інструмента ў XVІІ ст. у асяроддзі беларускай шляхты і нават суправаджэнне на дудзе танцавальных вечарын ў шляхецкіх дамах. Народныя капэлы пры магнацкіх сядзібах сталі экзатычнай прыкметай таго часу. Так, у Нясвіжы дзейнічалі аркестр народных інструментаў і рогавы аркестр. Народны аркестр існаваў таксама і пры двары мінскага ваяводы Крыштафа Завішы.
СЛУЖКА ВА “УСХОДНІМ” СТРОІ З ПАПУГАЕМ, XVІІ-XVІІІ стст. У канцы XVІІ-XVІІІ ст. у моду ВКЛ увайшлі турэцкія элементы ў вопратцы і экзатычныя “Янычарскія” капэлы ў музыцы. Дзеля кідкага пафаса магнацкіх ўрачыстасцяў рэжысёры і арганізатары святаў апраналі служкаў у строі розных краін, дасягаючы эфекту карнавала. Такім жа чынам здаўна на княска-магнацкіх прыёмах цаніліся экзатычныя жывёлы, такія як верблюды, папугаі і інш.
ФРАНЦІШКА УРШУЛЯ РАДЗІВІЛ, XVІІІ ст. Францішка Уршуля Радзівіл (1705-1753) – нашчадак славутага роду Радзівілаў, таленавітая паэтка і драматург. Займалася культурна-асветніцкай дзейнасцю, значна папоўніла радавую княскую бібліятэку ў Нясвіжы. Арганізатар літаратурных салонаў. У 1740-я гг. заснавала славуты Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. У 1744 г. узнагароджана імператарскім ордэнам Зорнага Крыжа. Аўтар каля 80 вершаў і 16 пьес. Пісала на польскай і французскай мовах. У творчасці знаходзілася пад уплывам французскага, італьянскага і іспанскага тэатраў. Яе літаратурная творчасць – самабытная з’ява ў шматмоўнай беларускай літаратуры XVІІІ ст. Нясвіжскі тэатр Уршулі Радзівіл стаў узорам для стварэння прыдворных сцэн у Гародні, Ружанах, Слоніме і інш. МАЦІ З СЫНАМ – ЖЫХАРЫ УСХОДНЯГА ПАЛЕССЯ Беларускае сялянства захавала ўнікальную старадаўнюю фальклорную і этнаграфічную культуру. Пры гэтым розныя рэгіёны Беларусі мелі адметныя рысы – Віцебскае Паазер’е, Падзвінне, Магілёўскае Падняпроўе, Віленскі край, Гарадзеншчына, Заходняе і Усходняе Палессе. Арыгінальная культура Усходняга Палесся, акрамя ўсяго іншага, знаходзіла адбітак у карункавым аздабленні вопраткі. Паводле старадаўняй традыцыі вышыўка на жаночай кашулі мусіла адпавядаць сацыяльнаму і сямейнаму стану жынчыны. Адрозную вышыўку кашулі мелі дзяўчынкі-падлеткі, дарослыя дзяўчыны, маладыя жонкі, жанчыны-маці і бабулі. Пасля нараджэння першага дзіцяці для людзей традыцыйнага грамадства дзяўчына пераходзіла ў статус жанчыны і мусіла адпаведным чынам аздобіць рукавы і шыю сваёй кашулі.
ВАРАЖБА НА КАЛЯДЫ Каляды – важнае свята, калі прырода прыходзіць у дэструктыўны хаос і потым нараджаецца нанова. Менавіта ў гэты час разнявольваюцца ўсе сілы іншасвету, што спрыяе варажбе пра будучы ўраджай, дабрабыт і асабістае шчасце. Таму спрадвеку на Каляды дзяўчыны варажылі на свой далейшы лёс. |
Экскурсіі па Вялікім Княстве Літоўскім
ФОТАМАСТАКАлег Белавусаў
РЭТРА-ТАВАРЫСТВА"Наша Перамога" | ||||||||||
|
|
||||||||||||