|
Бянюны сёння:
Фальварак “Бянюны” размешчаны на ўскраіне вёскі Бянюны (Ашмянскі раён Гарадзенскай вобласці), сярод маляўнічых грудоў Ашмянскага ўзвышша, адносна недалёка ад двух еўрапейскіх сталіц: аддаленасць ад Менска - 120 км., ад Вільні - 90 км.
З гары, на якой знаходзіцца шляхецкі двор, адкрываецца маляўнічы пейзаж наваколля, у прыватнасці, на Крэва, дзе знаходзіцца замак XIV стагоддзя збудаваны Вялікім князем Літоўскім – Гедымінам, і на Гальшаны, дзе знаходзіцца замак XVII стагоддзя, збудаваны Паўлам Стэфанам Сапегам. Ад Крэва да Бянюнаў - 15 км., ад Гальшанаў да Бянюнаў - 10 км.
На сядзібе турысты могуць азнаёміцца з гістарычнай экспазіцыяй, а затым зрабіцца ўдзельнікамі гістарычнага шоў і конкурсаў (стральба з лука і арбалета, кіданне сякеры, рыцарскія баі, сярэднявечныя танцы). Плошча прысядзібнай тэрыторыі дазваляе адначасова прыняць некалькі сотняў турыстаў (магчымая арганізацыя рыцарскіх турніраў, канцэртаў і іншых масавых і забаўляльных мерапрыемстваў).
На тэрыторыі фальварка знаходзяцца:
1) сядзіба шляхцічаў Карчэўскіх 1828 г. пабудовы, памеры маёнтка 25 на 15 метраў; 2) парк, з векавымі таполямі, ліпамі і іншымі рэдкімі пародамі дрэваў; 3) яблыневы сад; 4) руіны старадаўняга млына; 5) старадаўняя сажалка; 6) сістэма нямецкіх дотаў і бліндажоў часоў I Сусветнай вайны; 7) старадаўняя лядоўня
Не гледзячы на тое, што аб'ект размешчаны ў вельмі прыгожых мясцінах, пасля закрыцця сельскай школы ў 1998 г. сядзіба была без гаспадара аж да вясны 2007 г. За гэты час інтэр'ер маёнтка быў цалкам знішчаны. Падлога, дзверы і вокны былі выдраныя, а каміны разабраныя на цэглу. У памяшканнях валяліся горы смецця, а прысядзібная тэрыторыя цалкам зарасла быльнікам і прыйшла ў заняпад.
На аб'екце працягваюцца працы па аднаўленні і рамонце, але не гледзячы на гэта, мы імкнемся максімальна праўдападобна перадаць атмасферу шляхецкага двара, якая раней панавала ў старадаўнім маёнтку.
Спецыяльна для турыстаў абсталяваныя тры экспазіцыйныя залы: князей ВКЛ, гетманаў ВКЛ і паноў Карчэўскіх. Госці змогуць сфатаграфавацца, сеўшы на сапраўдны трон Вялікага князя Літоўскага, акрамя таго турысты пабачаць шафу Сапегаў, буфет са зніклага маёнтка Снядэцкіх у Болтупе, столік сямейнага лекара Багушэвічаў, а таксама прадметы мэблі і інтэр’ера са старадаўніх сядзібаў Ашмяншчыны.
Мы перакананыя, што захаваць старадаўнюю сядзібу магчыма толькі ў выпадку, калі на яе базе будзе весціся актыўная гаспадарчая дзейнасць. У нашых планах - аднавіць сядзібу і стварыць паўнавартасны турыстычны комплекс.
|
|
|