Бел  Рус  Eng
                        

                        

Skype
historia-tour
E-mail
t.a.bardina@gmail.com

029 677 00 46
017 200 04 68


Мастак Юльян Карчэўскі:


Юльян Карчэўскі нарадзіўся ў снежні 1806 г. у Альшанах. Хлопчык вучыўся ў Віленскай Гімназіі, а потым па патрабаванні бацькі паступіў у Віленскі Ўніверсітэт на юрыдычны факультэт. Ужо тады малады чалавек стаў наведваць урокі малявання ў майстэрні Яна Рустэма.

У 1824 г. Юльян з'ехаў у Пецярбург, дзе працягваў сваю юрыдычную адукацыю ва ўніверсітэце. І, вядома ж, ён працягваў заняткі жывапісам. Юльян стаў браць урокі ў акадэміка Акадэміі мастацтваў Аляксандра Юзэфавіча Арлоўскага (1777 - 1832 гг.). Цікавы той факт, што і Арлоўскі, і Рустэм былі вучнямі жывапісца Норбліна. Асноўныя сюжэты іх твораў - жанравыя сцэны з жыцця мясцовых жыхароў. І Юльян Карчэўскі таксама напісаў некалькі карцін у гэтым жанры: "Руская хуткая пошта", "Габрайскія хаўтуры", "Габрайская карчма", "Габраі ў дарозе", "Пастой". Па словах Ю. Вільчынскага, творы Юльяна адрозніваліся "…сваім адмысловым каларытам і кампазіцыяй…Яны (карціны) былі напісаныя шырокім і адважным пэндзлем…".

У 1826 г. Юльян скончыў Віленскі Ўніверсітэт і атрымаў ступень "Кандыдат права", пасля чаго бацька адправіў яго за мяжу. Спачатку малады чалавек паехаў у Парыж, не забыўшыся па дарозе наведаць Амстэрдам і Дрэздэн.

У Парыжы настаўнікамі Юльяна сталі вядомыя мастакі: акадэмік Орас Верге (1789 - 1863 гг.) і барон Антоній Жан Гросс (1771 - 1835 гг.). Першы быў недасягальным майстрам малявання коней, а другі - пісаў батальныя сцэны напалеонаўскай вайны. Юльян наведваў Луўр і пісаў копіі карцін вядомых майстроў, а потым высылаў іх бацьку ў Бянюны. Пад уплывам сваіх настаўнікаў Карчэўскі напісаў: "Ян Сабескі пад Венай" і "Турак на кані".

У 1829 г. Юльян наведаў Лондан, а затым адправіўся ў Італію, услед за сваім настаўнікам Орасам Верге. У Рыме Карчэўскі наведваў заняткі ў Акадэміі майстацтваў. У вечным горадзе Юльян пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і іншымі выгнаннікамі з Радзімы. Пад уплывам вялікага паэта Юльян Карчэўскі захапіўся гістарычным жанрам і напісаў некалькі палотнаў.

У 1830 г. у Рыме праходзіла мастацкая выстава, дзе Карчэўскі выставіў свае працы. Поспех быў ашаламляльны - крытыкі хвалілі яго. А некалькі ангельцаў выкупілі яго працы ў прыватныя калекцыі.

Але… Юльян захварэў сухотамі і ў студзені 1833 г. памёр у Рыме, дзе і быў пахаваны. Час не пашкадаваў твораў Юльяна Карчэўскага. Вядома, што ў XIX ст. яго карціны "Ян Сабескі пад Венай" і "Турак на кані" захоўваліся ў галерэі А. Храптовіча ў Шчорсах, а "Маці Божая" - у калекцыі Томаша Зана. Цяперака ў Нацыянальным музеі ў Варшаве захаваліся дзве карціны Карчэўскага: "Габрайская пошта" і “Партрэт Якава Брыале”…







Наша рассылка

Экскурсіі па Вялікім Княстве Літоўскім

ФОТАМАСТАК
Алег Белавусаў


РЭТРА-ТАВАРЫСТВА
"Наша Перамога"