Бел  Рус  Eng
                        

                        

Skype
historia-tour
E-mail
t.a.bardina@gmail.com

029 677 00 46
017 200 04 68


Карчэўскія і фальварак Бянюны:


З пісьмовых крыніцаў вядома, што сядзіба ў Бянюнах існавала з пачатку XVI ст. Тады гэта было ўладанне татарскага роду Фурсаў. На працягу ўсяго XVI ст. сядзіба часта змяняла ўладальнікаў. У 1618 г. яе купіў Ян Ліпінскі герба "Порай". Амаль 130 гадоў гаспадарамі маёнтка заставаліся яго спадчыннікі. У 1742 г. Рафаіл і Багуслаў Ліпінскія прадалі Бянюны Станіславу і Ядвізе Валанам з роду Пакошаў. Але ўжо ў 1748 г. сядзібу купілі Мацвей, Ян і Мар'яна Сабалеўскія, з роду Харамовічаў. Гэтак жа як і першыя ўладальнікі, Сабалеўскія былі татарамі па паходжанні. Да пачатку XIX ст. Сабалеўскія набылі і фальварак Гарэцкаўшчына.

І вось у 1809 г. сядзібу з зямельнымі ўладаннямі плошчай 316 дзесяцін купляе Юзэф Карчэўскі герба "Самсон" (1781 - 1835 гг.). Юзэф быў юрыстам і ўдзельнічаў у суполцы "Шубраўцаў" у Вільні. Першай жонкай Юзэфа была Ганна Кліцка, якая ў 1806 г. нарадзіла яму сына Юльяна.

У 1812 г. пры кіраванні французаў Бянюны ўвайшлі ў склад Ашмянскай падпрэфектуры. Войскі Напалеона дрэнна ставіліся да ўсяго мясцовага насельніцтва. Французскія жаўнеры абрабавалі склады Карчэўскіх у Ашмянах і Казянах, а таксама абрабавалі гаспадарку ў Бянюнах, знайшлі і забралі схаваных у лесе коней і вазы. Падчас напалеонаўскай вайны старая сядзіба згарэла.

Пасля вайны Юзэф Карчэўскі пачаў будаўніцтва новага двара. Па плане гаспадара ўвесь двор павінен быў мець форму кароткай падковы. Але план быў рэалізаваны не цалкам. Чаму? Існуе дзве версіі. Па адной з іх перашкодзіла паўстанне 1831 г., у якім Юзэф прыняў актыўны ўдзел. Пасля паўстання Юзэф на нейкі час трапляе пад падазрэнне расейскіх уладаў. Па другой версіі Карчэўскі быў літаральна зламаны весткай аб смерці ў Рыме свайго сына Юльяна, які атрымліваў тамака адукацыя. Гэта здарылася ў 1833 г. Так або інакш, але быў пабудаваны толькі галоўны прастакутны корпус і частка правага крыла.

Сядзіба атрымалася вельмі не тыповай для таго часу. Будынак стаяў на высокім каменным падмурку. У сутарэннях першага паверха размяшчаліся: пякарня, сыраварня і склепы. Галоўны ўваход быў размешчаны не ў даўгім баку пабудовы, а ў паўднёвым тарцы і вёў на другі жылы паверх. Галоўны ўваход упрыгожваў драўляны порцік на чатырох стройных драўляных пілонах, увянчаных трохкутным франтонам з паўкруглым акном. Справа ад уваходу быў размешчаны надпіс – 1828 год.

Другі паверх быў зроблены з дрэва. Тамака было дзесяць вялікіх пакояў у выглядзе анфілад і некалькі маленькіх пакойчыкаў. Сярэдзіну будынка займалі два салоны: адзін з усходняга боку, іншы з заходняга. Да іх з поўначы прылягалі кабінет і сталовая. У недабудаваным крыле размяшчалася невялікая зала, якая не мела адмысловага прызначэння.

У большасці памяшканняў былі паркетныя падлогі і печы, пакрытыя белай кафляй. Пакоі, асабліва парадныя, абстаўленыя былі старой масіўнай мэбляй з ясеня, магчыма працы мясцовых майстроў, у стылі ампір. У адным з салонаў стаяла фартэпіяна і камін у класічным стылі, а ў другім - піяніна.

У сталовай пасярэдзіне стаяў велізарны авальны стол на дваццаць чатыры персоны. Вакол стала стаялі крэслы. У буфеце было выстаўлена старое фамільнае сталовае срэбра, а гэтак жа французскі сервіз на дваццаць чатыры персоны. Сапраўдным ўпрыгожваннем сталовай былі дзве канапы, абабітыя скурай.

У Бянюнах знаходзілася таксама каштоўная калекцыя карцін і фамільных рэліквій. Юзэф Карчэўскі сабраў яе з дапамогай сяброў - Андрэя Снядэрскага і Казіміра Контрыма, якія былі заснавальнікамі "Шубраўцаў". Цяперака цану той калекцыі ўсталяваць вельмі складана. У адным з салонаў усю сцяну займала карціна "Смерць Клеапатры". Магчыма, гэта была копія з нейкага італьянскага шэдэўра пэндзля Юльяна Карчэўскага. Далей віселі два вялікіх палатна з сюжэтам "Гульня ў косткі". Гаспадары сцвярджалі, што аўтарам карцін з'яўляецца Джарген. За гэтымі карцінамі на сценах віселі дзесяць палотнаў галандскіх майстроў, у асноўным партрэты. Адзін з іх меў назву "Стары з люлькай". Далей было некалькі пейзажаў наваколля невядомых аўтараў. З іншых прадметаў адмысловай увагі заслугоўвала белая мармуровая скульптура Самсона, які раздзірае пашчу ільву (герб Карчэўскіх "Самсон"). Яшчэ ў маёнтку знаходзілася сем старых персідскіх дываноў.

Юзэф Карчэўскі сабраў вельмі каштоўную бібліятэку, якая складалася больш чым з 3000 тамоў, дакументаў і манускрыптаў, датаваных XVI-XVIII стст. Тамака былі дакументы і кнігі на лацінскай, французскай і нямецкай мовах па заканадаўстве, гісторыі і літаратуры. Шматлікія кнігі былі з подпісам Юзэфа Карчэўскага.

Парку ў Бянюнах не было. Фальварак размяшчаўся на чатырох тэрасах. З паўночнага боку, на самай верхняй тэрасе знаходзіліся сад з кветкамі і гарод. Ніжэй, размясціўся шляхецкі дом, аточаны кветнікамі і газонамі. Яшчэ ніжэй таксама раслі кветкі. На самай нізкай тэрасе была сажалка з рыбай. Да сядзібы вяла алея, абсаджаная ліпамі і таполямі.

У 1905 г. фальварак “Бянюны” складаўся з 377 дзесяцінаў зямлі, а пражывала тамака дваццаць дзевяць жыхароў.

Напярэдадні I Сусветнай вайны ўнук Юзэфа Карчэўскага Генрых перадаў бібліятэку на дэпазітнае захоўванне Фердынанду Рушчыцу, вядомаму мастаку, у суседняе Багданава. У 1939 г. бібліятэка была канфіскаваная і вывезеная савецкай уладай. У Бянюнах да 1939 г. захоўваўся асабісты архіў Карчэўскіх, дзе знаходзіўся рукапіс Юзэфа Карчэўскага і дакумент аб заканчэнні Віленскага Ўніверсітэта ў 1829 г. Юльянам Карчэўскім (сынам Юзэфа Карчэўскага), з подпісам У. Пелікана.

З 20-ых гг. і да прыходу Чырвонага войска ў 1939 г. у сядзібе працаваў ільноперапрацоўчы завод. У 1939 г. уладальнікам сядзібы і 243 гектараў заставаўся Генрых Карчэўскі. Сын Генрыха Карчэўскага - Гедыён, войт Ашмянаў, быў расстраляны ў ашмянскай турме НКУС 22 чэрвеня 1941 г. Дачка Гедыёна Карчэўскага – Зося Вайніцкая пасля ІІ сусветнай вайны апынулася ў Польшчы.















Наша рассылка

Экскурсіі па Вялікім Княстве Літоўскім

ФОТАМАСТАК
Алег Белавусаў


РЭТРА-ТАВАРЫСТВА
"Наша Перамога"